Міжнародны дзень роднай мовы

21 февраля 2023
Міжнародны дзень роднай мовы

Дык чаруй жа людзей паміж

моваў другіх

І гучы вечна, ярка і нова

Мова продкаў маіх і

нашчадкаў маіх –

Беларуская родная мова!

Алесь Ставер

 

Сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, у школе прайшоў рад тэматычных мерапрыемстваў. Для нашага народа роднай мовай з’яўляецца  беларуская. Яна прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, наша мова вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету. Мэтай гэтага святочнага дня было развіццё цікавасці да вывучэння роднай мовы і літаратуры, выхаванне патрыятызму, любові і павагі да спадчыны свайго народа.

Цікава і запамінальна прайшла гульня «Родная мова жывая, трапяткая» ў VІІІ «В» класе (настаўнік Жышко С. А.). Вучні ахвотна прынялі ўдзел у гульні,  праявілі кемлівасць, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці. На мерапрыемстве гучалі вершы класікаў беларускай літаратуры Я. Коласа, Я. Купалы. Вучні адзначылі, што беларуская мова прыгожая і меладычная.

У ІХ «В» класе быў праведзены брэйн-рынг «У свеце роднай мовы» (настаўнік Вайтовіч Т. У.). Звярнуліся да гісторыі беларускай мовы, успомнілі, што мова ўзяла пачатак яшчэ ў бронзавым веку і што з усіх моў Еўропы яна найбольш блізкая да санскрыту. Адзначылі і той факт, што развіваецца наша мова ва ўмовах незалежнай дзяржавы даволі хутка, аб чым сведчыць, да прыкладу, і багатая даведачная літаратура і шматлікія слоўнікі, якія адлюстроўваюць сучасны стан развіцця мовы. Добрымі прыкметамі ў развіцці мовы можна лічыць і тое, што ёй зацікавіліся нават бізнесмены. Выбар формы правядзення – брэйн-рынг – падштурхнуў да натхнёнага, нават апантанага ўдзелу ў спаборніцтве. Кожны хацеў, каб менавіта яго каманда стала пераможцай, таму стараўся прымаць рашэнне як мага хутчэй і адказваць правільна на пытанні.

У Дзень роднай мовы вучні V «Б» класа пiсалі iнтэрактыўны дыктант «У слове родным – важкi сэнс!» (настаўнік Дуброўка Т. М.) Спачатку прагучала вiншаванне з нагоды свята, быў створаны адпаведны эмацыянальны настрой. Сутнасць дыктанта у наступным: настаўнік дыктуе сказ, адно слова цi выраз у якiм прапушчаны, а вучнi запiсваюць прадыктаванае i ўстаўляюць прапушчанае. Мэта мерапрыемства: садзейнiчаць узбагачэнню слоўнiкавага запасу вучняў, развiццю цiкавасцi да вывучэння роднай мовы, выхаванне павагi да роднага слова. Падчас напicання дыктанта словы-адказы запiсвалiся на дошцы, паказвалiся наглядна. Пазней некаторыя былі прадэманстраваны практычна. Напрыканцы мерапрыемства былi прачытаны вершы на роднай мове. Паспяховаму напісанню дыктанта садзейнічала папярэдняя работа: у фае ІІ паверха быў размешчаны слоўнік «Лёгкая мова», які наглядна прадстаўляў руска-беларускія моўныя пары.

У ХІ класе прайшла гульня-вiктарына «Мова-Quiz» (настаўнік Дземчанкава В. П.). Удзельнікам патрэбна было падзяліцца на каманды, каб адказваць на пытанні віктарыны, разгадваць  загадкі, перакладаць рускія словы на беларускую мову, рашаць лінгвістычныя задачы, моўныя прапорцыі і расшыфроўваць прыказкі. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікаў конкурс «Шыфравальшчык», дзе ўдзельнікі з дапамогай алфавіту разгадалі афарызм К. Чорнага. Мерапрыемства было накіравана на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў моладзі павагі і любові да роднага слова, развіццё цікавасці да беларускай гісторыі, традыцый, культуры.

У Х класе адбыўся хіт-парад «Беларускія першадрукары-асветнікі» (настаўнік Вайтовіч Т. У.). Да мерапрыемства вучнямі была падрыхтавана мультымедыйная прэзентацыя і паведамленні пра беларускіх асветнікаў. Удзельнікі мерапрыемства выказалі думкі наконт становішча беларускай мовы на сучасным этапе. Святочны настрой быў дасягнуты чытаннем вучнямі вершаў пра Францішка Скарыну, Ефрасінню Полацкую на памяць.

Век інфарматызацыі дыктуе свае правілы і дае новыя магчымасці для рэалізацыі самых неверагодных душэўных памкненняў. Вучні ІХ «Б» класа прынялі ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы па-свойму крэатыўна: вырашылі трансліраваць літаратурны шэдэўр У. Караткевіча «Беларуская песня» праз сацыяльныя сеткі, такім чынам праз мастацкае слова перадаючы свае пачуцці іншым.

Актыўны ўдзел у свяце прынялі і іншыя настаўнікі школы. З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і ўдасканалення сваіх ведаў па ёй, і як доказ павагі і любові удзельнікаў да роднай мовы быў напісаны дыктант, ініцыіраваны Гродзенскім аблвыканкамам. Варта адзначыць, што ўсе прысутныя былі задаволены вынікамі сваёй працы.

Вайтовіч Т.У., выкладчык беларускай мовы і літаратуры
Здымкі прадастаўлены аўтарам